ДЗЯРЖАЎНАЯ ЎСТАНОВА АДУКАЦЫІ
“КРАСНАСЛАБОДСКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА АКЦЯБРСКАГА РАЁНА”
АПІСАННЕ ВОПЫТУ ПЕДАГАГІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ
«ВЫКАРЫСТАННЕ ДЫДАКТЫЧНЫХ ПРЫЁМАЎ І ГУЛЬНЯЎ ЯК ЭФЕКТЫЎНАГА СРОДКУ НАВУЧАННЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛЕКСІЦЫ НА ЎРОКАХ НАВУЧАННЯ ЧЫТАННЮ Ў ПЕРШЫМ КЛАСЕ»
Луцковіч Таццяна Уладзіміраўна,
настаўнік пачатковых класаў
8 029 378 46 28
e-mail: krasnayaslobodaschool@
oktiabrskiy.gov.by
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ніл Гілевіч
Інфармацыйны блок
Тэма вопыту
Выкарыстанне дыдактычных прыёмаў і гульняў як эфектыўнага сродку навучання беларускай лексіцы на ўроках навучання чытанню ў першым класе.
Актуальнасць вопыту
На сучасным этапе развіцця нашага грамадства, калі згасае цікавасць да мовы, цікавасць да роднага слова выцясняецца камп’ютарызацыяй, развіццё беларускай лексікі з’яўляецца адной з галоўных задач навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Да нас прыходзяць дзеці, якія маюць бедны слоўнікавы запас, маўленне не развіта, іх адказы на пытанні лексічна не багатыя. Гэта адмоўна ўплывае на навучанне вучняў па ўсіх прадметах, на іх далейшае ўсебаковае развіццё асобы. Пагэтаму дадзеная тэма стала для мяне актуальнай праблемай.
З самага пачатку навучання роднай мове ў 1 класе з’яўляецца магчымасць непасрэдна заняцца вуснымі практыкаваннямі, а новыя словы, іх спалучэнні ці формы могуць быць засвоены без усялякіх граматычных правілаў. Галоўнае месца сярод напрамкаў у рабоце над мовай на ўроках навучання чытанню ў першым класе займае праблема развіцця маўлення вучняў, а менавіта узбагачэнне школьнікаў лексічнымі сродкамі як асноўнымі ў іх камунікатыўнай дзейнасці.
Менавіта на развіццё вуснай мовы найперш павінна арыентавацца навучанне беларускай мове ў 1 класе. Адной з задач на дадзеным этапе навучання з’яўляецца фарміраванне лексічнага запасу вучняў, што складае неабходную ўмову для далейшага развіцця арфаграфічных, пунктуацыйных навыкаў, культуры маўлення.
Мэта вопыту
Павышэнне эфектыўнасці работы па развіцці беларускай лексікі праз выкарыстанне дыдактычных прыёмаў і гульняў.
Задачы вопыту:
- вывучыць навукова-метадычную літаратуру і вопыт калег па праблеме навучання беларускамоўнай лексіцы;
- вызначыць найбольш эфектыўныя практыкаванні, заданні, гульні, якія спрыяюць развіццю беларускай лексікі на ўроках навучання чытанню ў першым класе;
- прааналізаваць выніковасць і эфектыўнасць выкарыстання на ўроках навучання чытанню ў 1 класе дыдактычных практыкаванняў, заданняў, гульняў, накіраваных на развіццё беларускай лексікі.
Працягласць працы над вопытам
Працягласць працы па дадзенай тэме складае тры гады: з 2021 па 2023.
Апісанне тэхналогіі вопыту
Вядучая ідэя вопыту
Навучанне беларускамоўнай лексіцы – гэта мэтанакіраваная педагагічная дзейнасць, якая забяспечвае засваенне слоўніка беларускай мовы. Разуменне сэнсу, структуры слова, магчымасці яго выкарыстання адбываецца праз разнастайныя практыкаванні, заданні, гульні.
Эфектыўнасць навучання беларускамоўнай лексіцы забяспечыць сістэматычнае выкарыстанне спецыяльных практыкаванняў у працэсе арганізацыі слоўнікавай работы на ўроках навучання чытанню ў першым класе.
Апісанне сутнасці вопыту
Асноўная задача курса беларускай мовы як прадмета вывучэння на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі заключаецца ў развіцці мыслення і мовы дзяцей, іх маўленчай культуры, у фарміраванні ўменняў і навыкаў змястоўнага аналізу моўных адзінак розных узроўняў.
К.Дз. Ушынскі, заснавальнік тэорыі нацыянальнай школы, надаваў роднай мове статус цэнтральнага прадмета школьнага выкладання, лічыў яе галоўнай крыніцай і сродкам усебаковага развіцця чалавека, разглядаў як падмурак агульных адукацыйных ведаў.
Лексіка – гэта сукупнасць слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад.
Павышэнню эфектыўнасці пашырэння слоўнікавага запасу вучняў садзейнічаюць уласцівыя першакласнікам адкрытасць для ўсяго новага, дапытлівасць, эмацыянальнасць, цэльнасць успрымання, высокая самаацэнка.
Вывучэнне навукова-метадычнай літаратуры і мая педагагічная дзейнасць дапамаглі мне вызначыць умовы, якія спрыяюць эфектыўнаму навучанню беларускамоўнай лексіцы на ўроках навучання чытанню ў першым класе:
зацікаўленасць вучняў;
ажыццяўленне комплекснай работы над словам;
правядзенне сістэматычнага лексічнага аналізу слова;
даступнае тлумачэнне этымалогіі новых для вучняў слоў;
выкарыстанне лексічных практыкаванняў на кожным уроку;
выкарыстанне наглядных дапаможнікаў і займальнага матэрыялу;
розныя віды дзейнасці.
На дадзеным этапе сваёй працы пад «работай над беларускай лексікай першакласнікаў» я разумею вывучэнне дзецьмі сэнсу слоў, іх атаясамліванне з пэўнымі прадметамі навакольнага асяроддзя, запамінанне гэтых слоў, і, як вынік, выкарыстанне іх у сваёй маўленчай дзейнасці. Як прыклад сваёй работы ў гэтым накірунку прапаноўваю ўрок навучання чытанню па тэме “Націск. Вызначэнне націскнога складу” (дадатак 1).
За гады сваёй працы я вызначыла пэўную сістэму работы навучання беларускамоўнай лексіцы на ўроках навучання чытанню ў першым класе. Яна ўключае ў сябе 5 асноўных накірункаў дзейнасці:
1) тлумачэнне канкрэтнага лексічнага значэння слова (для навучання і актыўнай моўнай практыкі вучням неабходна разумець сэнс кожнага выкарыстоўваемага імі слова, не сумнявацца ў выбары гэтага слова ў пэўнай сітуацыі);
2) этымалагічны аналіз слова (вучням трэба разумець паходжанне выкарыстоўваемых імі слоў. Але вучням 1 класа трэба тлумачыць гэтае паходжанне ў даступнай для іх форме, каб не зрабіць працэс навучання для іх яшчэ больш цяжкім і перагружаным складанай, незразумелай інфармацыяй);
3) сінанімічныя сувязі беларускіх слоў (вучні павінны ўмець замяняць словы блізкімі па значэнні, каб іх мова была больш вобразнай, больш яркай);
4) антанімічныя сувязі беларускіх слоў (вучням трэба валодаць процілеглымі па значэнні словамі не толькі для развіцця іх мовы, але і для развіцця іх мыслення);
5) фразеалагічныя адносіны (для вучняў 1 класа самым цяжкім у працэсе развіцця слоўнікавага запасу беларускай мовы з’яўляецца ўсведамленне і ўжыванне ў мове слоў і выразаў з пераносным значэннем).
У працэсе рэалізацыі названых накірункаў я карыстаюся спецыяльнымі практыкаваннямі:
практыкаванні-гульні пры рабоце з прыказкамі і прымаўкамі;
загадкі-рыфмаванкі;
рэбусы;
крыжаванкі;
акразагадкі;
слоўнікавыя гульні;
квэст-гульні (дадатак 2).
Важным сродкам навучання беларускамоўнай лексіцы з’яўляецца выкарыстанне беларускага фальклору.
Жанраў фальклору вялікае мноства: калыханкі, забаўлянкі, песні, заклічкі, дражнілкі, лічылкі, скорагаворкі, казкі і інш.
Фальклорныя творы даступныя дзецям па змесце, таму іх частае ўжыванне мэтазгодна на ўроках ў перыяд навучання грамаце. З аднаго боку, фальклор дапамагае стварыць своеасаблівы эмацыянальны настрой і ў настаўніка, і ў вучняў, што спрыяе эфектыўнаму засваенню праграмнага матэрыялу, а з другога – пашырае веды дзяцей пра народную спадчыну, далучае іх да нацынальнай культуры.
Хочацца звярнуць увагу і на тое, што фальклорны матэрыял, які я сістэматычна выкарыстоўваю на ўроках, пашырае веды дзяцей пра гісторыю свайго народа, узбагачае іх мову, садзейнічае фарміраванню адметных рыс беларуса.
Выхаванне маральных (гуманных) пачуццяў у дзяцей – чуласці, спачування, спагадлівасці – пажадана пачынаць у самым раннім узросце, калі душа і сэрца дзіцяці адкрыты дабрыні і шчырасці.
Зразумела, больш за ўсё вучні першага класа любяць слухаць і чытаць казкі. Казка нарадзілася разам з чалавекам і, пастаянна адгукаючыся на жыццё, увабрала ў сябе рысы многіх эпох і вопыт многіх пакаленняў.
Казкі ўслаўляюць сяброўства і бескарыслівую дапамогу, шчырасць і вернасць, іншыя лепшыя якасці чалавека. Галоўнаму герою казак дапамагаюць розныя жывыя і нежывыя істоты, да якіх ён у свой час аднёсся ўважліва: выратаваў, не кінуў у бядзе, проста ветліва пагаварыў.
Пры рабоце з казкай я выкарыстоўваю наступныя віды дзейнасці:
слуханне;
самастойнае чытанне;
выбарачнае чытанне, перачытванне, паўтарэнне, завучванне на памяць рэфрэнаў, выказванняў герояў, якія паўтараюцца;
работа з ілюстрацыямі;
драматызацыя.
Усё гэта ўплывае на ўзбагачэнне лексічнага запасу вучняў 1 класа.
У тэкстах беларускіх народных казак, зразумела, сустракаюцца новыя, незразумелыя вучням словы і выразы. І паколькі дзецям вельмі цікава даведацца, што адбудзецца далей у казцы, то ў іх лексіку гэтыя словы і выразы ўваходзяць значна лягчэй, чым простае тлумачэнне без кантэксту. Вялікую дапамогу пры гэтым адыгрываюць ілюстрацыі да казак.
Паколькі вучні першых класаў – яшчэ і артысты, любяць увасабляць персанажаў казак (асабліва станоўчых!), то на ўроках я вельмі часта выкарыстоўваю інсцэніроўкі. І ў гэтыя моманты вучні нават незалежна ад іх усведамлення пачынаюць выкарыстоўваць у мове новыя для іх беларускія словы.
Да важнейшых сродкаў, якія дапамагаюць арганізацыі слоўнікавай работы і спрыяюць эфектыўнаму засваенню беларускамоўнай лексікі на ўроках навучання чытанню ў першым класе я адношу:
наглядныя дапаможнікі;
займальны матэрыял;
дыдактычныя гульні;
інфармацыйныя тэхналогіі;
друкаваныя дапаможнікі;
урокі пазакласнага чытання.
Важная роля ў разуменні вучнямі 1 класа новых для іх беларускіх слоў, на мой погляд, належыць займальнаму матэрыялу. З яго дапамогай я на сваіх уроках выклікаю і падтрымліваю непасрэдную цікавасць да лексікі і такім чынам у пэўнай меры пераадольваю эмацыянальную няўстойлівасць дзяцей, засяроджваю іх увагу.
Я лічу, што пры ўмелым і правільным падборы моўнага матэрыялу можна ўвогуле пашырыць кругагляд вучняў, удакладніць і ўзбагаціць веды і ўяўленні аб навакольнай рэчаіснасці, з’явах грамадскага жыцця.
У загадках з асаблівай сілай праяўляецца дакладнасць, выразнасць і вобразнасць беларускай мовы, таму завучванне і адгадванне загадак спрыяе развіццю мовы. У загадках дзеці сустракаюць новыя для сябе словы, цікавыя метафарычныя выразы, якія асэнсоўваюцца ў працэсе адгадвання і ўваходзяць ў іх слоўнік.
Вельмі падабаецца маім вучням разгадваць рэбусы і крыжаванкі. Зразумела, самі рэбусы я выстаўляю на дошцы, складзеныя з малюнкаў і літар. Пры рабоце з рэбусамі я заўважыла, наколькі вучням спачатку цяжка разгадаць рэбус. Таму рэбусы, якімі я карыстаюся ў сваёй працы, падзяляю па тых правілах, па якіх яны складзены: спачатку прапаноўваю дзецям рэбусы, пабудаваныя на прынцыпе ўзаемаразмяшчэння частак слова – адгадкі (канат, Нарач), пасля рэбусы, дзе трэба замяніць, убраць альбо дадаць адну літару (байка, касач, мары), а ўжо пазней – тыя рэбусы, у якіх спалучаюцца некалькі відаў зашыфроўкі слоў (рамонак, цукар, футра).
З задавальненнем мае вучні рашаюць простыя крыжаванкі. Я вельмі часта прапаноўваю крыжаванкі, дзе слова-адгадка складаецца з прыкладаў гэтага зборнага паняцця. Можна спалучыць рашэнне крыжаванкі з адгадваннем загадак. Самыя лёгкія для рашэння крыжаванкі – па малюнках. Іх я прапаноўваю ў самым пачатку на ўроках навучання чытанню.
Падабаюцца вучням і так званыя мной загадкі – “літаркі”:
метаграмы (дзе трэба замяніць адну літару, і атрымаецца новае слова: стол – стог);
анаграмы (дзе трэба памяняць парадак літар або складоў: парк – карп);
акразагадкі (адгадка па пачатковых літарах кожнага радка).
Выкарыстоўваю я ў сваёй дзейнасці па навучанні беларускамоўнай лексіцы і дыдактычныя гульні.
Праз гульню вучняў 1 класа значна лягчэй далучыць да працэса навучання чытанню. У гульні найбольш поўна праяўляюцца творчыя здольнасці дзяцей, фантазія, іх чалавечыя якасці.
Гульнявыя заданні закладваюць асновы культуры маўленчых паводзін, накіроўваюць актыўнасць вучняў на вучэбныя задачы. Перавага гульні заключаецца ў тым, што яна заўсёды патрабуе актыўных дзеянняў з боку кожнага вучня, крэатыўнасці. У якасці прыкладу прапаноўваю распрацаваную і ўдала праведзеную мной квэст-гульню “Мая Беларусь” (дадатак 2).
Гульні ўключаю ў адукацыйны працэс з улікам дыдактычных патрабаванняў. Лічу мэтазгодным выкарыстоўваць гульню толькі тады, калі яна садзейнічае інтэнсіфікацыі працэсу навучання. Гульня дысцыплінуе розум, садзейнічае маўленчаму развіццю.
Выкарыстанне гульні дапамагае фарміраваць у вучняў якасці, неабходныя для станаўлення вучэбнай дзейнасці: агульныя станоўчыя адносіны да школы; жаданне пастаянна пашыраць свае магчымасці, развіваць здольнасці, “будаваць” сябе ў сумеснай творчасці з настаўнікам і аднакласнікамі; усведамленне спосабаў ажыццяўлення вучэбных дзеянняў, у тым ліку спосабаў самакантролю і самаацэнкі.
Самы важны дапаможнік у слоўнікавай рабоце на ўроках навучання чытанню ў першым класе – гэта выкарыстанне нагляднасці на ўроках навучання чытанню. У мяне для гэтага ёсць неабходныя камплекты наглядных дапаможнікаў:
малюнкавыя (тэматыка: школьныя прылады, гародніна, садавіна, ягады, дрэвы, адзенне, посуд, транспарт, птушкі пералётныя і зімуючыя, звяры, грыбы, рыбы, цацкі, свойскія жывёлы, жывёлы і іх дзеці, прафесіі людзей, кветкі, мэбля, бытавыя прыборы, прадукты харчавання, колеры);
аўдыязапісы беларускіх народных песень і казак.
Вялікія магчымасці для фарміравання слоўнікавага запасу вучняў першага класа маюць урокі пазакласнага чытання. Яны часта становяцца святам творчасці, дзякуючы імкненню дзяцей да самавыражэння, арыгінальнасці, праяўлення імі нешаблоннасці, крэатыўнасці. Іх творчая дзейнасць пры падрыхтоўцы да ўрока і ў ходзе самога ўрока часта носіць і індывідуальны, і групавы характар. Дзеці любяць аб’ядноўвацца ў групы для выканання прапанаваных формаў, варыянтаў адказаў.
Дзецям падабаецца выступаць у ролі настаўніка, прапаноўваць астатнім вучням свае заданні, праводзіць ацэнку іх адказаў, весці дыялог на ўроку. У першым класе гэта пачатак сістэматычнай, доўгатэрміновай работы, якая будзе праводзіцца на працягу чатырох гадоў навучання ў пачатковай школе (калектыўнай і індывідуальнай).
Традыцыйным у нашай школе стала правядзенне прадметных тыдняў, дзе знаходзіць працяг дадзеная работа па развіцці слоўнікавага запасу вучняў. Я звычайна адказваю за правядзенне тыдня беларускай мовы і літаратуры, у межах якога арганізуецца разнастайная творчая дзейнасць вучняў (складанне слоўніка ў малюнках, складанне рэбусаў, крыжаванак, разнастайныя віктарыны і конкурсы, канцэрты).
Рэзультатыўнасць і эфектыўнасць вопыту
Для вывучэння вынікаў работы па тэме вопыту псіхолагам установы адукацыі было праведзена даследаванне (дадатак 3). Праведзены пасля яго аналіз дазваляе зрабіць наступныя вывады:
1. За перыяд з верасня па сакавік 2023 года ўключна ў вучняў майго класа павысілася жаданне навучацца на беларускай мове (з 50 % да 85 %).
2. За гэты ж перыяд у вучняў моцна павысіўся ўзровень валодання лексікай роднай мовы (з 20 % да 73 %).
Паспяховае выкарыстанне маімі вучнямі беларускай лексікі на ўроках навучання чытанню спрыяе:
актывізацыі пазнавальнай дзейнасці, павышэнню актыўнасці і ініцыятывы (у параўнанні з пачаткам навучальнага года ў сакавіку вучні майго класа больш актыўна працуюць на ўроках, не баяцца выказваць свае думкі на роднай мове, прапаноўваюць свае шляхі вырашэння вучэбных задач);
павышэнню ўзроўню якасці ведаў па прадмеце;
развіццю навыкаў самаадукацыі і самакантролю (за перыяд навучання ў першым класе вучні майго класа навучыліся значна лепш кантраляваць сябе, правільна ацэньваць свае выказванні і вынікі сваёй работы);
забеспячэнню камфортнасці навучання (зараз узровень трывожнасці ў працэсе навучання маіх вучняў значна панізіўся з 50% у верасні 2022 года да 5%);
зніжэнню дыдактычных цяжкасцей;
развіццю мыслення вучняў і іх камунікатыўнай кампетэнцыі.
Заключэнне
Навучанне грамаце – адзін з самых адказных перыядаў у жыцці дзіцяці, калі яно авалодвае тэхнікай чытання і пісьма. Каб паспяхова вырашыць гэту задачу, неабходна выпрацаваць у вучняў уменне слухаць і чуць.
Такім чынам, мая сістэма работы з лексікай беларускай мовы садзейнічае рашэнню многіх задач:
па-першае, дапамагае фарміраваць асобу вучня, яго светапогляд;
па-другое, выкарыстанне дыдактычных прыёмаў і гульняў надзяляе вучня навыкамі, неабходнымі для практычнай моўнай дзейнасці;
па-трэцяе, у час гэтай работы адбываецца знаёмства вучня з багаццем роднай мовы і паказ яе стылістычных магчымасцей.
Па выніках праведзенай работы можна зрабіць наступныя высновы: вопыт паказвае эфектыўнасць маёй сістэмы работы, якая праводзіцца на ўроках навучання чытанню ў першым класе для навучання беларускамоўнай лексіцы. Можна сцвярджаць, што мае ўрокі навучання чытанню сапраўды садзейнічаюць дасягненню пастаўленай мэты шляхам вырашэння акрэсленых задач пры выкарыстанні эфектыўных метадаў і прыёмаў. Лічу мэтазгодным працягнуть пачаты вопыт, выкарыстоўваючы ўжо сабраны матэрыял на іншых вучэбных занятках.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Дрэнь, Н.Л. Калі вучыцца цікава. Займальны матэрыял да ўрокаў у пачатковых класах / Н.Л. Дрэнь. – Мн.: Пачатковая школа, 2019. – 21 с.
2. Дубініна, Дз.М., Старжынская, Н.С. Вучымся гаварыць на роднай мове/ Дз.М. Дубініна. – Мн.: Новое знание, 2010. – 32 с.
3. Зборнік Залаты клубочак / Мн.: Мастацкая літаратура, 2007. – 94 с.
4. Зелянко, С.В. Беларуская мова: займальныя заданні для малодшых школьнікаў / С.В. Зелянко. – Мн.: Пачатковая школа, 2010. – 47 с.
5. Какора, А.І. Прыёмы і формы ўзбагачэння слоўнікавага запасу малодшых школьнікаў / А.І. Какора – Мн.: Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа, 2018. – 3 с.
6. Леановіч, В.Л., Тарасевіч, А.Г. Дыдактычны матэрыял па беларускай мове / В.Л. Леановіч, А.Г. Тарасевіч. – Мн.: Асар, 2000. – 95 с.
7. Солахаў, А.В. Падарожжа ад А да Я / Мн.: Зорны верасок, 2012. – 261 с.
8. Шах, С.М. Займальная граматыка для пачатковых класаў / С.М. Шах. – Мазыр: ТАА ВД Белы Вецер, 2002. – 47 с.
Дадатак 3
Дыягностыка развіцця беларускамоўнай лексікі ў вучняў 1 класа
Мэта даследавання: Выяўленне суадносін паміж матывацыяй вучняў у навучанні на беларускай мове і іх рэальнымі магчымасцямі ў галіне маўленчай дзейнасці.
Аб’ект даследавання: вучні 1 класа.
Дата правядзення: верасень, снежань 2022 года, сакавік 2023 года.
Вучням прапанаваліся два пытанні:
1. Ці жадаеш ты навучацца на беларускай мове?
2. Як добра ты разумееш тлумачэнні настаўніцы на беларускай мове?
Разгледзім атрыманыя вынікі:
Кастрычнік |
Сакавік |
|
Уменне чытаць на беларускай мове |
38% |
100% |
Уменне адказваць на пастаўленыя пытанні на беларускай мове |
13% |
78% |
Уменне выказваць свае думкі на беларускай мове |
6% |
60% |